НАРОД СУПРАЦЬ ГРОСМАЙСТРА
Першы беларускі гросмайстар ICCF мянчук Зьміцер Лыбін, які ўваходзіць у сотню наймацнейшых у сьвеце паводле рэйтынгу (2606), кідае пальчатку чытачам "Нашай Нівы".
Як зазвычай, сэансэру належаць белыя фігуры. Першы ход сп. Лыбін ужо зрабіў - 1. b2-b4. Бадай, кожны соты жыхар Беларусі ўмее гуляць у шахматы, таму спадзяёмся, што на баку чытачоў удзел возьмуць нямала гульцоў. Свае варыянты хадоў за чорных можна дасылаць як індывідуальна, так і ад імя каманды. Час на разважаньне над ходам будзе абмежаваны. Калі газета з пазыцыяй выходзіць у пятніцу, то, дзеля таго, каб ваш чарговы ход узяў удзел у конкурсе, ён мусіць трапіць у Рэдакцыю да 19:00 найбліжэйшага панядзелка. Таму пажадана дасылаць хады праз электронную пошту на nn@promedia.by - з пазнакай "Каіса" - або на факс 284-73-29 ці поштай (220050, Менск, а.с. 537). З разнастайных варыянтаў вядучы рубрыкі выбера найбольш папулярны: калі ж такі ход выявіцца памылкай, што вядзе да відавочнай паразы, то наступны па частаце.
Дэбют Сакольскага за белых, згуляны нашым партнэрам у гонар славутага беларускага трэнера (гл. "Нашу Ніву" ад 18.06.2004), многімі тэарэтыкамі ня лічыцца стоадсоткава карэктным пачаткам. Але й недаацэньваць шанцаў белых, якія плянуюць заваяваць прастору на фэрзевым флянгу і аказаць ціск на цэнтар (слон пойдзе на b2), няможна. У чорных цяперака ёсьць цэлая палітра магчымых адказаў: 1…e5, 1…d5, 1…Kf6, 1…c6, 1…b5, 1…a5 і нават 1…Ka6! Ці ўдасца чытачам абвергнуць задуму старэйшага паводле званьня?
Для найбольш актыўных удзельнікаў спаборніцтва прадугледжаны прызы - не грашовыя, але "вартыя вырабу". Напрыклад, магчымасьць сустрэчы з гросмайстрам за шахматнай дошкай. Хада спаборніцтва будзе асьвятляцца ня толькі ў "Нашай Ніве", а і на сайце "Беларускія шахматы". Трэба меркаваць, што паядынак выйдзе напружаны. Летась чытачы газэты "Ўвесь спорт" пратрымаліся супраць чэмпіёнкі Ўкраіны, гросмайстаркі Натальлі Жукавай ажно да 37-га ходу. Дык то сыцыліянская абарона - для чорных яна больш рызыкоўная, чым "Сакольскі"...
P.S. Чэмпіён сьвету па завочных шахматах Тун Хамарат таксама гатовы згуляць з усімі ахвотнымі праз Інтэрнэт. У дзьвюх партыях ён зрабіў хады 1. d4 i 1. e4, кожны зь меркаваных супернікаў павінен заплаціць пяць эўра ўнёску. У "Нашай Ніве" сустрэча з гросмайстрам бясплатная - кошт паштоўкі ці электроннага ліста не ў рахунак.
ВР
"Наша Ніва", № 1, 7 студзеня 2005 г.
|