|
"Наша Ніва", № 1. 7 студзеня 2005 г.
КІРА ЗВАРЫКІНА ДАГЭТУЛЬ ЗА ДОШКАЙ
Кіра Зварыкіна нарадзілася на Ўкраіне, а неўзабаве пасля Другой сусьветнай "па размеркаваньні" пераехала ў Беларусь. Узорная савецкая шахматыстка, гатовая працаваць за дваіх, у Менску абжылася хутка і ў канцы 1950-х дабралася да шахматнага Алімпу. Праўда, матч з чэмпіёнкай сьвету Лізаветай Быкавай скончыўся паразай прэтэндэнткі, але ў наступныя дзесяцігодзьдзі ніхто з нашых шахматыстак і блізка не канкураваў з грузінкамі, расіянкамі ды кітаянкамі. Не сумняюся ў тым, што Зварыкіна, якая нядаўна вярнулася да сваякоў у Расею, была і застаецца "нашай"…
Спн. Кіра першай у Беларусі пачала на роўных змагацца ў мужчынскіх спаборніцтвах. Аўтабіяграфічная кніга "Ў радох шахматнай гвардыі" (Менск, 1984) - рэдкае для Беларусі шахматнае выданьне, напісанае ў нармальнай мове, з гумарам, крытыкай ды самакрытыкай. Такі ж і стыль зварыкінскай гульні - атака й камбінацыі перадусім! Пра характар беларускай чэмпіёнкі сьведчыць і показка. Аднойчы ў гатэлі да шахматыстак праз акно палез кватарант, які памыліўся пакоем. Суседка залямантавала: "Да нас лезе мужчына!" "Мужчына? Дык адчыняй акно!" - параіла ёй Зварыкіна.
Зь дзяцінства помняцца задушэўныя дыялёгі Зварыкінай зь гледачамі ў шахматнай тэлеперадачы на колішнім БТ. На пачатку 1990-х, перастрэўшы Зварыкіну ў калідоры менскага Палацу шахматаў і шашак, папрасіў у яе аўтограф. "Я ж, малады чалавек, ужо "выйшла ў тыраж", - адмовіла гросмайстарка. Яна схітравала. На міжнародным фэсьце "Эстафета пакаленьняў" у гонар 85-годзьдзя К. Зварыкінай, што прайшоў ў Чалябінску месяц таму, за дошку села сама віноўніца ўрачыстасьцяў і заняла даволі высокае месца ў турніры. Шкада, што ў Беларусі да падобнага фэсту ніхто не дадумаўся.
Вольф Р-к
|