|
"Наша Ніва", № 3. 21 студзеня 2005 г.
ТУРНІР ПА ХУТКІХ ШАХМАТАХ
9 студзеня у менскім шахматным клюбе "Вясьнянка" адбыўся турнір па хуткіх шахматах. За столікі разам з аматарамі сеў тузін такіх малапрыкметных у шахматным сьвеце асоб, як гросмайстар Азараў, міжнародныя майстры - чэмпіён сьвету сярод падлеткаў Сяргей Жыгалка і яго брат Андрэй, чэмпіён Беларусі Андрэй Малюш… На некалькі гадзін "зоркі" акупавалі адзін з пэрыфэрыйных ЖЭСаў, каб высьвятліць, хто зь іх хутчэй умее біць па гадзіньніку.
Малым і нетытуляваным шахматыстам давалася фора ў тры-чатыры мінуты. У выніку першым да фінішу прыйшоў Сяргей Жыгалка, другім - Сяргей Азараў, а трэцім - кандыдат у майстры Ўладзімер Куцанкоў. Крыху нечакана, але заканамерна: сп. Куцанкоў адзін з самых пасьпяховых у Беларусі гульцоў ў хуткія шахматы, ён выйграе, нават пакідаючы сабе хвіліну супраць пяці хвілін у суперніка. Каб меліся асобныя званьні для хуткіх шахматыстаў, У. Куцанкоў даўно б ужо абмываў майстарскі значок.
Усе ўдзельнікі (і ўдзельніцы) навагодняга бліцтурніру атрымалі неблагія прызы ад адміністрацыі клубу - ад плястыкавай цацкі да электратостэра. Аднак найлепшым прызам для многіх бязрэйтынгавых шахматыстаў, уключаючы карэспандэнта "НН", была мажлівасьць падужацца за адной дошкай з майстрамі спорту міжнароднай клясы.
ВР
|