|
"Наша Ніва", № 4, 28 студзеня 2005 г.
ШТО ЧЫТАЛІ ШАХМАТЫСТЫ БЕЛАРУСІ ЛЕТАСЬ
Калісьці шахматная літаратура была дэфіцытам нароўні з дэтэктывамі. У наш час маладога чалавека цяжка ўявіць сабе з кніжкай альбо з часопісам, поўнымі чорна-белых дыяграм. Амбітныя разраднікі навучаюцца розным тонкасцям на практыцы, турбуюць трэнераў, урэшце, знаходзяць інтэлектуальную спажыву ў сеціве.
Кніжак і часопісаў на шахматную тэму выдаецца жменька: прадукцыя завозіцца, галоўным чынам, з Расеі.
У Менску не адзін год распаўсюджвае шахматную літаратуру Леанід Шацько, які мае асыстэнтаў і ў рэгіёнах. Рэйтынг леташніх продажаў, складзены паводле ягоных звестак, сведчыць аб тым, што беларускія шахматысты захавалі цікавасьць да "раскручаных імёнаў". Дыхтоўна выдадзены шматтомнік Гары Каспарава "Мае вялікія папярэднікі" - ня так падручнік шахмат, як асабісты погляд на гісторыю гульні.
Аднак найвышэйшым застаецца попыт на навучальную літаратуру. У 11-й сталічнай спартшколе навучаюцца шахматам каля тысячы вучняў, а кожнаму з будучых чэмпіёнаў трэба хоць раз ды зазірнуць у кніжку.
- Дварэцкі М., Юсупаў А. Серыя "Школа будучых чэмпіёнаў" у 5-ці кнігах. - Харкаў, 1996-1997.
- Дварэцкі М. Серыя "Школа вышэйшага майстэрства". У 4-х кнігах. - Харкаў, 1996-1998.
- Панчанка А. Тэорыя і практыка шахматных заканчэньняў. Йашкар-Ала, 1997.
- Пажарскі В. Шахматны падручнік. - Растоў, 1996.
- Каспараў Г. Мае вялікія папярэднікі, тамы 1-3 - Масква, 2003-2004.
- Панчанка А. Тэорыя і практыка мітэльшпілю. - Масква, 2004.
- Івашчанка С. Падручнік шахматных камбінацыяў. У 2-х кнігах: - Масква, 1997-2002.
- Славін І. Падручнік-задачнік шахмат. У 7-мі тамах. - Архангельск, 1998-2000.
- Шыпаў С. Вожык. Падручнік тактыкі і стратэгіі. - Масква, 2004.
- Блох М. Камбінацыйныя матывы. - Масква, 2003.
ДЗЕ ВАРТА БЫЦЬ
З 29 студзеня па 6 лютага ў менскай СДзЮШАР-11 на вул. Ракаўскай, 24 пройдзе адкрытае першынство сталіцы па шахматах (U-20). Паводле палажэньня аб турніры, пазмагацца з майстрамі ў дзевяці турах можа любы шахматыст незалежна ад узросту, абы сплаціць унёсак.
Тэл./факс (017)203-48-42.
СТУПАК БЛІШЧЫЦЬ У БЛІЦЫ
Традыцыйны бліцтурнір, што кагадзе прайшоў у Палацы шахмат і шашак, скончыўся сенсацыйна! 14-гадовы кандыдат у майстры Кірыла Ступак набраў 10 балаў з 10, абыграўшы такіх майстроў, як Мікіта Маёраў, Юры Ціханаў, Мікола Аляўдзін... Нават славуты бліцор Уладзімер Куцанкоў ня даў падлетку рады. Запомнім гэтае імя.
ВР
|