|
"Наша Ніва", № 7. 18 лютага 2005 г.
УЦЯКАЮЦЬ МАЗГІ
Кампазытар Яўген Дзьвізаў расказваў, што ў пачатку 1980-х падлетка Гельфанда бээсэсэраўскія спартовыя чыноўнікі не хацелі ўключаць ва ўсесаюзны турнір: маўляў, усё роўна зьедзе ў Ізраіль. Гадоў праз дзесяць ён і зьехаў. Разам зь іншым гросмайстрам-эмігрантам, віцьбічам Ільлём Сьмірыным, даваў чосу ізраільскім шахматыстам. Але змаганьне са слабейшымі не вядзе да вышыняў: цяпер Барыс Гельфанд ледзь уваходзіць ў сусьветную дваццатку, а некалі ж быў пятым. Падупаў рэйтынг і ў Сьмірына, хоць летась ён упэўнена выйграў турнір на званьне абсалютнага чэмпіёна Віцебшчыны, дзе гулялі амаль усе наймацнейшыя ўраджэнцы краю. Затое някепска - для перадпэнсійнага ўзросту - адаптаваўся ў ЗША іхні былы трэнэр Альбэрт Капэнгут. Выйграе чэмпіянаты штату Нью-Джэрзі, піша артыкулы для прафэсійных выданьняў накшталт "Інфарматара" і "New in Chess". За амэрыканскія клюбы зь пераменным посьпехам гуляюць былы мянчук Юры Шульман (гросмайстар) і берасьцеец Станіслаў Сьмятанкін (міжнародны майстар).
Хадзіла калісьці ў менскі гурток "Прахадная пешка" пэрспэктыўная дзяўчынка Наста Сарокіна. Стаўшы майстрам спорту, перабралася ў Аўстралію. Выступае за алімпійскую зборную гэтай краіны - праўда, зважаючы на ейны маламоцны рэйтынг, малапаспяхова. Гросмайстар Юры Зязюлькін зьехаў на рубяжы стагодзьдзяў і ўладкаваўся ў Польшчы. Заняўся бізнэсам - прадае шахматныя кніжкі і кампутарныя праграмы. Настаўнік Аляксея Аляксандрава Міхаіл Шарашэўскі атабарыўся ў Баўгарыі, дый сам Аляксандраў, ангажаваны расейскім клюбам "Макс Вэн", нячаста ганаруе сваёй прысутнасьцю беларускія турніры.
Адчувальным ударам па белшахматах стаўся пераезд у Расею выхаванкі 11-й сталічнай школы Алены Таіравай, якая ў 7-гадовым узросце дэманстравала бліскучую гульню, перамагаючы 12-гадовых. А. Таірава, у адрозненьне ад Н. Сарокінай, за мяжой пайшла ўгору. Падчас прыездаў у Менск дзяўчо ў камбінацыйным стылі кладзе на лапаткі суайчыньнікаў - летась, напрыклад, у мэмарыяле Верасава апярэдзіла чэмпіёна Беларусі.
Шмат хто з эмігрантаў апошняй хвалі вернецца ў краіну, як толькі тутака стане магчымым зарабіць капітал уласным інтэлектам. Пакуль жа масавая эміграцыя калег спараджае апакаліптычныя настроі ў маладых гульцоў.
Сытуацыю ў шахматах добра ілюструе афіцыйны сайт Беларускай федэрацыі шахмат - у пачатку лютага 2005 г. апошнія навіны там датаваліся траўнем 2004 г.
Зрэшты, не паўсюль так адбываецца. Вось узбэк Рустам Касымжанаў, чэмпіён сьвету па вэрсіі ФІДЭ, не сьпяшаецца мяняць грамадзянства.
ВР
|