|
"Наша Ніва", № 8. 25 лютага 2005 г.
ШЛЯХАМ УЗАЕМНАЙ ПЕРАПІСКІ
12 лютага у шахматным клюбе Беларускага нацыянальнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту адбылася Ўсебеларуская канфэрэнцыя шахматыстаў-завочнікаў. Старшынём Камісіі завочных шахмат на два гады зноў абраны Віталь Карніловіч, майстар ФІДЭ і віцэ-чэмпіён Менску 2004 г.
У Беларусі завочная шахматная гульня мае векавую гісторыю. Сто гадоў таму беларускія шахматысты адпраўлялі адзін аднаму лісты й паштоўкі. Цяпер завочныя шахматы ня зводзяцца да абмену паштовымі карткамі - можна гуляць і па тэлефоне, і праз электронную пошту. Чым і карыстаюцца ўдзельнікі II Кубку славянскіх краін, які распачаўся 1 лютага па ініцыятыве Славацкай фэдэрацыі (капітан беларускай каманды з шасці гульцоў - шахматны трэнэр Генадзь Рабчонак).
Завочныя шахматы - найбольш дэмакратычны від каралеўскай гульні. Іх сьціплай прывабнасьці падуладныя і дактары, і музыкі, і чыноўнікі з Камітэту дзяржкантролю. Дзякуючы завочнай гульні кшталтуюць сваё майстэрства гульцы, што жывуць воддаль ад буйных гарадоў. Лістоўнікам прасьцей падтрымліваць сувязі з замежнымі калегамі: турніры яднаюць прадстаўнікоў дзясяткаў нацый. Асабліва моцны рух завочнікаў у Германіі і нямецкамоўных краінах: невыпадкова і цяперашні чэмпіён сьвету, інжынэр Тун Хамарат выступае за Аўстрыю. Яму 56 гадоў - у гэтай сфэры ўзрост элітных гульцоў не бярэ. Быццам бы ў гульні адны плюсы… Істотным мінусам завочных шахмат зьяўляецца зацягнутасьць партый, што доўжацца па некалькі месяцаў ці нават гадоў. Той жа Кубак славянскіх краін завершыцца толькі ў 2007 г.
У мінулым шахматысты, якія звыкліся сустракацца міжсобку адно за дошкай, часьцяком кпілі зь "несапраўднай" гульні ў капэртах - асабліва калі яна з тых ці іншых прычын перапынялася. З пашырэньнем кампутарнай тэхнікі зьявіўся яшчэ адзін довад: кажуць, што ўсю працу за гульца робіць кампутар…
Станіслаў Альховік, шахматны чэмпіён Слоніму і перапісчык са шматгадовым стажам, часткова згодны са скептыкамі: "Сапраўды, часам не зразумела, ці то з машынай гуляеш, ці з чалавекам. Аднак машына заўсёды прапануе шэраг магчымых варыянтаў, а канчатковы выбар належыць усё-такі чалавеку. Гульня празь перапіску была і будзе барацьбой розумаў, а ня шахматных праграм". Пад гэтым аптымістычным меркаваньнем маглі бы падпісацца і іншыя пяць соцень перапісчыкаў Беларусі.
ВР
|