|
"Наша Ніва", № 9. 4 сакавіка 2005 г.
ТРЫЮМФ КАЗАЧНІКА З КЛІЧАВА
У шахклюбе трактарнага заводу надоечы прайшоў беларускі этап першага ў сьвеце інтэрнэт-чэмпіянату рашальнікаў шахматных кампазыцый. Аўтарытэтнае журы прапаноўвала шэсьць тыпаў заданьняў - двуххадовыя задачы, троххадоўкі, шматхадоўкі, задачы на зваротны і каапэратыўны мат, этуды. За чатыры гадзіны канкурсанты, што зьехаліся з усёй краіны, мусілі разгадаць як мага больш задумак, укладзеных замежнымі аўтарамі ў галаваломкі на 64-клетачнай дошцы.
Спартовае рашальніцтва - даволі маладое адгалінаваньне шахмат. Ставіць рашальнікаў у жорсткія часавыя рамкі даўмеліся гадоў трыццаць таму. Хоць яшчэ ў XIX ст. легендарны амэрыканскі кампазытар Сэмюэл Лойд ішоў у заклады, што разьвяжа любую задачу за некалькі хвілін. Над задачамі ж самога Лойда біліся чэмпіёны свету - Вільгельм Стэйніц, Эмануіл Ласкер…
Найлепшымі рашальнікамі, як правіла, аказваюцца самі кампазытары, якія трымаюць у галаве ідэі і тэмы, экстрапалюючы іх на прапанаваныя заданьні.
Вось і ў менскім конкурсе перамог слынны праблеміст, аўтар арыгінальных твораў у сфэры "казачных шахмат" Аляксандар Булаўка. Нарадзіўся і жыве ён у Клічаве; летась ужо выйграваў нацыянальны чэмпіянат па рашэньні шахматных задач і этудаў, а сёлета паказаў амаль фантастычны вынік - 56 ачкоў з 60. Дастаткова сказаць, што майстар спорту Аляксандар Міхалап, які мае большы досьвед удзелу ў спаборніцтвах (увосень 2004 г. выпраўляўся ў Грэцыю на 47-мы кангрэс шахматных кампазытараў і рашальнікаў), гэтым разам ледзь перакрочыў 50-адсоткавы бар'ер з 33 ачкамі.
Экспэрты адзначаюць незвычайную інтуіцыю 36-гадовага А. Булаўкі, яго ўпэўненасьць ва ўласных сілах. "Ён многа часу аддае рашэньню шахматных кампазыцый, і вынік гаворыць сам за сябе", - заўважае ягоны зямляк, міжнародны арбітар А. Міхалап.
Пры абмежаваных сродках, адсутнасьці апекі з боку фэдэрацыі шахмат ды спартовых уладаў аматары кампазыцыі зь Беларусі занялі свой "пачэсны пасад між народамі". Паводле рэйтынгу, сп. Булаўка ўваходзіць у сьпіс сямідзесяці найлепшых рашальнікаў сьвету.
ВР
|