|
"Наша Ніва", № 10. 18 сакавіка 2005 г.
"АЭРАФЛЁТ" ПАКАРЫЎСЯ ПЕЮНУ
У лютым у Маскве ладзіўся традыцыйны супэртурнір для гросмайстраў, майстроў і ўсіх ахвотных з тоўстым гаманцом. Унёсак у 300 даляраў ЗША зазвычай не адпужвае амбітных: галоўнае спаборніцтва (турнір "А") прыцягнула сотню асаў ад шахмат. Арганізатары, сярод якіх былі заўважаны і расейская авіякампанія, і маскоўскі ўрад, заснавалі важкія прызы: за першае месца ў клясе "А", напрыклад, дэкляравалі выплаціць 30 тысяч даляраў. Ад Беларусі бралі ўдзел гросмайстры Аляксей Фёдараў і Сяргей Азараў, аднак яны забавіліся на старце. Прайграўшы пару партый, у "швайцарцы" цяжка выбіцца ў лідэры, пагатоў і дыстанцыя была кароткай (дзевяць тураў). Беларусы ня здолелі паўтарыць нават свае леташнія дасягненьні і засталіся кожны з 4,5 бала, то бок у сярэдзіне табліцы. А ў 2003 г. магілёвец Аляксей Фёдараў падзяліў у "Аэрафлёт-оўпэн" другое-трэцяе месцы зь іншым Аляксеем, Аляксандравым…
Рэй у турніры "A" доўга вялі расейцы ды ўкраінцы, першае ж месца з 6,5 бала даволі нечакана - па дадатковых паказьніках - заняў ізраільцянін-імігрант. Ды не Барыс Гельфанд, а экс-азэрбайджанец Эміль Сутоўскі, які апошнім часам апярэджвае нашага былога суайчынніка ў "зямлі абяцанай", прынамсі, паводле рэйтынгу. Цікава, што 27-гадовы Сутоўскі валодае васьмю мовамі і няблага сьпявае. Апошняе ня рэдкасьць у асяродзьдзі шахматыстаў: сёмы чэмпіён сьвету Васіль Смыслоў у свой час вагаўся, распачынаць яму кар'еру сьпевака ці заглыбіцца ў шахматы. Музычны слых дапамагае спазнаваць своеасаблівыя мэлёдыі ў шахматных партыях: нездарма Пол Морфі правёў сваю неўміручую камбінацыю супраць кансультантаў (1858 г.) у лёжы Парыскай оперы, пад гукі музыкі Расіні. Вядомым піяністам стаў расейскі гросмайстар Марк Тайманаў: дарэчы, у канцы 1930-х ён зьняўся ў беларускай кінастужцы "Канцэрт Бэтговена", выканаўшы ролю Янкі, скрыпача-вундэркінда.
Беларусы і ў пабочных турнірах "Аэрафлёту" ("В", "С") выступілі без асаблівага посьпеху. Найлепшым вынікам можа пахваліцца міжнародны майстар Зьміцер Навіцкі - "плюс тры" ў турніры "B", 18-е месца сярод 182 гульцоў.
Маем надзею, што прэтэндэнты на перамогу ў "Аэрафлёт-оўпэн" 2006 г. загадзя возьмуць колькі ўрокаў нотнай граматы. Хоць бы і ў нашаніўскага партнэра ў гульні па перапісцы - старшага выкладчыка Беларускай акадэміі музыкі.
ВР
|