|
"Наша Ніва", № 11. 25 сакавіка 2005 г.
GLORIA VICTIS
Тыдзень таму, 16 сакавіка, завяршылася першынство краіны па шахматах сярод мужчын. Трынаццаць тураў аказаліся нешчасьлівымі для чэмпіёна краіны-2004: ён прайграў усё, што можна. Пасьля адзінай перамогі над Віктарам Купрэйчыкам майстар Андрэй Малюш, паводле трапнай заўвагі на беларускім шахматным сайце, зьдзейсьніў "занадта доўгую ракіроўку" - адзінаццаць параз запар, ня менш сэнсацыйных, чым леташні ўзьлёт. Экс-чэмпіёна, які раптоўна "страціў форму" (а частку партый гуляў хворым), моцна крытыкавалі ў кулюарах, але паспрабаваў бы хто паўтарыць яго посьпех 2004 году…
Галоўны судзьдзя турніру Абрам Ройзман адзначае, што першынство краіны выйшла беспрэцэдэнтна моцнае: шэсьць гросмайстраў, чатыры міжнародныя майстры. Сам ён, чэмпіён БССР 1966 г., у такіх ніколі не гуляў. Сапраўды, сёлета ў вялікай залі Палацу шахмат і шашак прызямліліся знакамітыя "гросы" Андрэй Кавалёў, Аляксей Фёдараў. Апошні ў сярэдзіне турніра дагнаў колішняга чэмпіёна сьвету сярод падлеткаў, міжнароднага майстра Юр'я Ціханава, які бліскуча стартаваў і ўрэшце выканаў норму першага гросмайстарскага балу (9,5 пункта). 33-гадовы магілёвец Фёдараў, восеньню пазбаўлены дзяржаўнай стыпендыі за нібыта "неспартыўныя паводзіны" на шахматнай Алімпіядзе, у вырашальнай партыі чорнымі перамог Андрэя Жыгалку і ў трэці раз стаў чэмпіёнам краіны. Усяго ён набраў 10 пунктаў. Юры Ціханаў, які ў апошнім туры пасьпяшаўся згадзіцца на нічыю, заняў другое месца. Ён, як і новы чэмпіён, не прайграў ніводнай партыі і кажа, што вельмі стаміўся.
А тым часам Гары Каспараў, атрымаўшы перамогу на супэртурніры ў Лінарэсе, абвясьціў аб сыходзе з клясычных шахмат. Тлумачыць свой крок непаразуменьнем з функцыянэрамі ФІДЭ, аднак сапраўдныя прычыны глыбейшыя. Так ці іначай, менчуку Сяргею Азараву на Алімпіядзе ў Гішпаніі выпаў выключны гонар адным з апошніх сам-насам пазмагацца з тытанам сусьветнай шахматнай думкі. У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі 22-гадовы гросмайстар Азараў заваяваў "бронзу" - не бліскучы, але годны вынік.
ВР
|