|
"Наша Ніва", № 12. 1 красавіка 2005 г.
БЛЯНДЫНКА, ШТО ЗРУЙНАВАЛА СТЭРЭАТЫПЫ
Адзін з судзьдзяў 49-га чэмпіянату краіны сярод жанчын, што скончыўся 21 сакавіка, зьедліва заўважыў: "у жаночых шахматах усё наадварот, і гэты чэмпіянат не выключэньне". Памылак у партыях шахматыстак хапала: аматары бліцу з клюбу "Ладзьдзя", што гуртаваліся побач з гульнявой заляй, актыўна зь іх пакеплівалі. Дзейнічаў нават падпольны таталізатар са стаўкамі 1:20.
Першае месца заняла адзіная ў Берасьці міжнародная майстарка Ганна Шарэвіч. Ейны вынік - 7,5 бала з 10. "Проста майстарка", чэмпіёнка сталіцы Тацяна Бондар, хоць і адстала на адзін бал, наблізілася да міжнароднага званьня. Рахіль Эйдэльсон зь Віцебску, вэтэранка турніру, выступіла няўдала - 10-е месца з 11 магчымых. Няўпэўненай гульнёй зьдзівілі і іншыя гросмайстаркі: Генрыета Лагвілава, Вольга Герасімовіч. Падобна, што найвышэйшы тытул быў нададзены Вользе дачасна. Кіра Зварыкіна, напрыклад, атрымала яго ў 1978 г., пабыўшы чэмпіёнкай БССР, СССР і віцэ-чэмпіёнкай сьвету.
У леташнім першынстве Г. Шарэвіч пацярпела крыўдную паразу ў элемэнтарнай нічыйнай пазыцыі, дзе кожны з бакоў меў па слане і тры пешкі. Але, відавочна, удзельніца чэмпіянатаў Еўропы і сусветных Алімпіяд, чэмпіёнка Беларусі-2002 умее працаваць над сабой: сёлета эндшпіль супраць Г. Лагвілавы яна правяла амаль бездакорна… Бацька Ганны - ён жа й трэнэр - кружляў вакол столікаў, натхняючы дачку.
Ганна Шарэвіч вучыцца ў Берасьцейскім універсітэце. Мара бляндынкі, аблічча якой даўно кроіць сэрцы партнэрам, гучыць амбітна - "пакінуць добры сьлед на Зямлі". Нейкія разумнікі абвясьцілі конкурс прыгажосьці сярод шахматыстак і вывесілі ў сеціве фота новай-старай беларускай чэмпіёнкі. Калі яна выйграе і гэтае спаборніцтва, Беларусь набудзе шанец ператварыцца ў Нью-Васюкі жаночых шахмат. Усе сьцягі завітаюць да нас толькі дзеля таго, каб убачыць Ганну жыўцом.
Застаецца дадаць, што на ўзнагароджваньне прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва ў 2005 г. фэдэрацыя шахмат вылучыла ледзь не ўтрая менш сродкаў, чым на мужчынскі чэмпіянат. Праўда, акрамя грошай прадстаўнік міністэрства спорту ўручыў чэмпіёнцы каляровы тэлевізар.
ВР
|