|
"Наша Ніва", № 13. 8 красавiка 2005 г.
Гульня самураеў
Толькі ў сьне або ўтапічным рамане ўяўляю сабе расьцяжку на сталічным праспэкце Скарыны: "Прывітаньне ўдзельнікам чэмпіянату Беларусі па японскіх шахматах (сёгі)". Экацэнтар, што на Макаёнка, 8, у лютым і сакавіку ціха-мірна прымаў васемнаццаць лепшых гульцоў у сёгі, дарослых і дзяцей. 27 сакавіка ў фінале першынства сустрэліся Пётр Паўловіч, студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, і Сяргей Карчыцкі, выкладчык Лiнгвiстычнага унiвэрсытэту. Апрача двух актывістаў незарэгістраванай Беларускай асацыяцыі сёгаў, карэспандэнт "НН" быў адзіным, хто назіраў за баталіямі на 81-клетачнай дошцы.
Гульцы сядзелі не на кукішках, абапершыся на падушкі, як гэта прынята ў японскіх прафэсіяналаў, а на звычайных крэслах, карысталіся звычайным шахматным гадзіньнікам. Леташні чэмпіён Беларусі Карчыцкі перамог зь лікам 3:0 і будзе прадстаўляць Беларусь на сусьветным фэсьце аматараў сёгаў, што пройдзе ў кастрычніку ў Токіё. Чэмпіён выкладае лаціну, рэдагуе часопіс "Тэакратыя", вучыць улюбёнай гульні менскіх гімназістаў. Імя П. Паўловіча менш вядомае ў каляшахматным сьвеце, аднак і ён за тры гады, што гуляе ў сёгі, дабіўся нямалых посьпехаў. У чэмпіянаце-2005 адолеў, напрыклад, грознага Ўладзімера Някрасава, які ўсур'ёз спаборнічае са сп. Карчыцкім і мае другі ў краіне сёгі-рэйтынг.
Школьны настаўнік інфарматыкі Андрэй Лысенка, якому пашчасьціла заняць трэцяе месца ў чэмпіянаце, перакананы: сёгам навучыцца не цяжэй, чым клясычным шахматам. Ерогліфы, нанесеныя на фігуры, спачатку адпужваюць навічкоў, аднак вучні сп. Лысенкі засвойвалі і ерогліфы, і назвы цягам гадзіны-дзвюх. "Таму, хто далучыўся да сёгаў, еўрапейскія шахматы пададуцца прымітыўнымі", - сьцьвярджае настаўнік. На думку сп. Лысенкі, хуткі прагрэс у гульні самураеў робяць якраз тыя, хто ня мае ў галаве стэрэатыпаў: "У шахматах важна назапасіць матэрыял, а ў сёгах - стварыць гармонію, своечасова выставіць пабітыя фігуры на дошку".
У Японіі сёгістаў - некалькі мільёнаў, у Беларусі - каля трох тузінаў. Леташні паход аматараў сёгаў у сталічны шахматны клюб скончыўся амаль гэтак сама, як сэанс вялікага камбінатара. Ім ледзь не далі ў каршэнь - як жа, "канкурэнты"! Таму сёгісты выбралі тактыку павольнага захопу інтэлектуальнай аўдыторыі. З 2004 г. штомесяц пад эгідай БАС выходзіць самвыдавецкі лісток "Ягура" - у перакладзе зь японскай "вежа". А. Лысенка рэдагуе зьмястоўны сайт "Belarusshogi.net" з навінамі, правіламі, філязофіяй гульні. Ды марыць аб паказальным турніры ў сушы-бары.
ВР
|