|
"Наша Ніва", № 18. 13 траўня 2005 г.
ХТО НА ХАРКАЎ?
Беларускія гульцы надоечы вярнуліся з Харкаву, дзе ў сёмы раз пад дахам Нацыянальнай юрыдычнай акадэміі імя Яраслава Мудрага ладзіўся Кубак рэктара. Гэтае спаборніцтва, што звычайна прыцягвае моцных маладзёнаў - расейцаў, украінцаў і беларусаў - чарговае пацьверджаньне таго, што з шахматамі ва Ўкраіне збольшага ўсё ў парадку. Нездарма летась украінцы заваявалі "золата" на Алімпіядзе, а ў рэйтынг-сьпісе ФІДЭ іх краіна па сукупнасьці вынікаў займае другое месца (пасьля Расеі). Беларусь жа ў тым сьпісе вылецела з другога дзясятка.
Праўда, і ў нашай памаранчавай суседцы здараюцца недарэчнасьці. Так, ледзь не ў апошні момант з траўня на верасень быў перанесены буйны міжнародны турнір у Кіеве. Арганізатары "патлумачылі": у траўні пройдзе "Эўрабачаньне", ня хочам накладак. Нібыта сярод музыкаў ды іхніх фанатаў бракуе шахматыстаў, і наадварот…
У сёлетнім кубку рэктара бралі ўдзел Іна Раманава, Віктар Купрэйчык, Юры Ціханаў. Гросмайстарка Іна файна згуляла ў жаночай лізе - сярод 12 удзельніц заняла 3-е месца з 7 баламі, зачапіўшыся за стодаляравы прыз.
Што да мужчынаў, то сп. Віктар, найстарэйшы ўдзельнік турніру, аказаўся толькі дзявятым, затое сп. Юры - чацьвертым. Напорыстасьць менчука зь Нямігі дала плён: пяць перамог, тры паразы, тры нічыі (як ні дзіўна, адзін зь яго партнэраў, 15-гадовы хлопец-расеец, зьвёў унічыю ўсе 11 гульняў - і варта было дзеля гэтага так далёка ехаць?).
Паглядзіце партыю віцэ-чэмпіёна Беларусі, дзе чорныя аказаліся разьбітымі ў дваццаць хадоў. Гросмайстры - таксама людзі.
Ю. Ціханаў, мм, Беларусь (2466) - А. Зубараў, мг, Украіна (2514)
1. d4 g6 2. Кf3 Сg7 3. g3 c5 4. c3 Кf6?! 5. dc a5? 6. Кa3 Кa6 7. Фd4! O-O 8. Сg2. Кампэнсацыі за пешку няма, а адыграць яе цяжка - на 8…Kh5 магчыма 9. Фс4 Фс7 10. Се3. Таму чорныя доўжаць сваю авантуру, аддаючы другога латніка: 8…b6 9. cb Сb7 10. O-O Кe4 11. Фe3 Кac5 12. Кd2 d5 13. Кe4 Кe4 14. Тd1 Фe8 15. Сe4 de 16. Фc5 Сa6 17. Сg5 Сe2 18. Фe7! Ахвяра якасьці за пешку - адна зь любімых фішак Ю. Ціханава. Ён фарсіруе пераход у безнадзейны для суперніка эндшпіль. 18…Сd1 19. Фe8 Тfe8 20. Тd1 h6 21. Сe3 a4 22. b7. Чорныя здаліся: пасьля 22…Tab8 23. Td7 Ce5 24. Kc4 пешка b каштавала б ім занадта дорага.
ВР
|