|
"Наша Ніва", № 27. 22 ліпеня 2005 г.
І вечная вясна…
Турнір "Інаўтамаркет-оўпэн" - рэінкарнацыя колішняй "Менскай вясны" - стартаваў 9 ліпеня ў Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. Арганізацыйны сход выявіў паўтары сотні ўдзельнікаў - "гросаў", майстроў і проста прыхільнікаў Каісы. Акрамя беларусаў, у змаганьне за прызавы фонд уключыліся ўкраінцы, расейцы, казахі, таджыцкі гросмайстар Фарух Аманатаў і дзяўчына-амэрыканка Ірына Зянюк. 18 ліпеня першым да фінішу прыйшоў беларус Аляксей Аляксандраў.
Імпрэзу ашчасьлівіў прысутнасьцю экс-чэмпіён сьвету Барыс Спаскі. 11 ліпеня ён таксама даў сэанс адначасовай гульні ў СДЮШАР-11. Рэдактар папулярнай маскоўскай газэты "Шахматная неделя" - постаць супярэчлівая, і напярэдадні сэансу шахматысты-габрэі з "Хэсэду" жадалі зладзіць яму абструкцыю за ліст, у якім Спаскі патрабаваў закрыцьця яўрэйскіх арганізацый у Расеі. Але ня зладзілі. Сэанс скончыўся перамогай Спаскага на 11 дошках з 16. Супраць Алега Мядзьведзева "кароль Барыс", зьбянтэжаны сілай хлапца, сеў гуляць сам-насам і давёў-такі яго да сьлёз.
У пачатку ліпеня ў сталіцы прайшоў і традыцыйны, чацьверты па ліку, мэмарыял Гаўрылы Верасава, упэўнена выйграны міжнародным майстрам Юр'ем Ціханавым (7,5 з 9). Другое месца - у Ігара Ратковіча, трэцяе - у чэмпіёна Магілёва, 16-гадовага Алега Кіслова (па 7 балаў). Пераможцам дасталіся грашовыя прызы - сёлета істотна павялічаныя.
У чэрвені Магілёў прытуліў VI міжнародны турнір на прызы гросмайстра Фёдарава, дзе гулялі дзіцячыя каманды зь Беларусі, Расеі, Латвіі. Гэтым разам дняпроўскімі набярэжнымі любавалася як ніколі багата юных шахматыстаў. Другі год запар першымі выйшлі школьнікі з Калінкавіч. У гэтым горадзе яшчэ з савецкіх часоў дзейнічае ўзорна-паказальны шахматны клюб, і вынікі здаюцца нам натуральнымі: дзе дбаюць, там і маюць.
Поглядам акінуўшы шлях, заўважым чэмпіянат Эўропы сярод шахматыстаў з абмежаванымі магчымасьцямі. Ён завяршыўся пару месяцаў таму ў польскай Вісьле, аднак ня быў агледжаны ў беларускіх друкаваных выданьнях. Андрэй Сьвятоха, інжынэр-праграміст з Гародні, якому 35 год, заваяваў бронзавы мэдаль, апярэдзіўшы мэтраў з вышэйшым рэйтынгам. Сп. Андрэй - неаднаразовы пераможца першынстваў краіны сярод інвалідаў, дасьціпны суразмоўца і камэнтатар сваіх партый. Ён пасьпяхова выступае і ў змаганьнях "здаровых" шахматыстаў. У наступнай партыі на 10-м ходзе беларускі гулец ужыў навінку - слон з f6 меўся ціснуць на d4… І "каменная сьцяна" устаяла, нягледзячы на ўварваньне ў лягер чорных чужой туры.
ВР
|