|
"Наша Ніва", № 28. 29 ліпеня 2005 г.
Менскі "оўпэн". Пасьлямова
Тое, пра што так доўга казалі, зьдзейсьнілася: у Менску для ўсіх аматараў гульні адбыўся неблагі турнір. У "швайцарку" запісаліся ў першую чаргу шахматысты зь міжнародным рэйтынгам, для якіх былі адмыслова зьніжаны ўнёскі. Гуляў амаль увесь беларускі шахматны бамонд, акрамя "гросаў" Фёдарава і Кавалёва, чэмпіёнкі краіны Шарэвіч. З-за кардону наймацнейшыя не прыбылі: ад расейцаў ды ўкраінцаў выступаў другі і трэці эшалён. Кідалася ў вочы адсутнасьць палякаў, чэхаў, немцаў, англасаксаў ды французаў.
Арганізатары са скрухай дзяліліся ў кулюарах: "Каб можна было забясьпечыць стартавыя ганарары, да нас і Ананд з Тапалавым завіталі б. Але турнір і так уляцеў у капеечку фірме-спонсару: было выдаткавана больш як 20 млн рублёў".
Але была вясёлая абстаноўка турніру, што нагадвала карнавал: поруч тусаваліся гульцы, трэнэры, судзьдзі, прадаўцы кніжак, журналісты, заўзятары. У стракатым натоўпе завязваліся дыялёгі на такія мілыя тэмы, як адметнасьць славянскай цывілізацыі, "засільле расейцаў" у беларускіх шахматах… Пераможца паўфіналу першынства сталіцы Валер Гардзяеня ўслых разважаў, ці варта ехаць на традыцыйны начны бліцтурнір у Віцебску (18-19 ліпеня) і даводзіў карэспандэнту "НН", што, "маючы сорак два гады, уначы лепей спаць". Армянская майстарка Эліна Даніэлян, шыкоўная бляндынка, якая ледзь не перамагла рэйтынг-фаварыта Аляксандрава і ўрэшце заваявала жаночы прыз, захаплялася адрамантаваным Палацам шахмат і шашак.
Ня ўсім гульцам было аднолькава камфортна перасоўваць фігуры. У адной залі, дзе шчыравалі лідэры турніру, дыхалася лёгка, у другой стаяла задуха. Вэнтылятары не давалі рады: калі верыць абяцаньню намесьніцы міністра спорту і турызму Галіны Забур'янавай, надалей круцёлкі будуць заменены на кандыцыянэры. Добра папрацаваў галоўны сакратар турніру Васіль Якушаў, дэшыфруючы крамзолі зь фірмовых блянкаў для запісу партый, - яму давялося перавесьці ў электронны выгляд некалькі соцень тэкстаў. Тым ня менш мела сэнс больш апэратыўна выкладваць партыі турніру ў сеціве - на аналягічных спаборніцтвах за мяжой гэта робіцца на працягу 24 гадзін.
Удзельнікі паразьехаліся 18 ліпеня - хто з грашыма, хто з запісамі памятных баталій, хто з добрым настроем. На закрыцьці настрой шахматыстам узьнімалі гурт старажытнай музыкі "Пастараль", шоў-балет Валер'я Бурава і тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі.
Першае месца ў Аляксея Аляксандрава, другое - у маладога расейскага гросмайстра Аляксандра Разанцава, трэцяе - у Сяргея Азарава.
ВР
|