|
"Наша Ніва", № 33, 2 верасьня 2005 г.
Хвала пільнасьці ў эндшпілі
Часта даводзілася назіраць, дый правяраць на сабе, як шахматыст, давёўшы партыю да фіналу, губляецца і празь недарэчныя хады прайграе ў нічыйнай пазыцыі – або, што нават больш крыўдна, робіць нічыю ў выйгранай. Трэнэры па традыцыі навучаюць дзяцей гуляць у шахматы, разьбіраючы эндшпільныя пазыцыі, бо лічыцца, што эндшпіль – найпрасьцейшая стадыя партыі. Сапраўды, калі ідзецца аб заканчэньні "пешка і кароль супраць караля", усё ясна – гульцу трэба ведаць правілы апазыцыі і квадрату. Большасьць жа астатніх заканчэньняў пралічыць да канца пад сілу хіба машыне, а чалавеку выпадае спадзявацца на інтуіцыю і вопыт. Калі ў пачаткоўцаў ёсьць першае, то па азначэньні няма другога… Дадамо, што пад канец партыі бакам зазвычай бракуе часу. Стала пагалоскай байка пра майстра, што ня здолеў паставіць мат сланом і канём – забыў, як тое робіцца, а на ўспамін не хапіла пары хвілін. Праўда, у чэмпіянаце Беларусі ўвесну 2005 г. Андрэй Жыгалка, застаўшыся з дзвюма пешкамі супраць каня і слана Аляксея Фёдарава, ня стаў выпрабоўваць умельства гросмайстра – здаў партыю.
У жаночым першынстве краіны пашчасьціла майстарцы Надзеі Паліводзе. Віцэ-чэмпіёнка краіны 2004 г., адбіўшы атаку Вольгі Герасімовіч, белымі атрымала пазыцыю, пра якую можна было марыць (дыягр. 1):
Відавочна, пасьля 1. Kc6+ Kpa6 2. Tb8 чорным заставалася здацца. У выніку ж абсурднага 1. Kрc2? Сe7 39. Кd5? Сd6 3. Kрd3 f5 чорныя выблыталіся. І вось у сёлетнім чэмпіянаце Н. Палівода, адна з найбольш пэрспэктыўных шахматыстак Беларусі, замацавалася на пятым месцы.
Прыклад з сэансу, праведзенага Зьмітром Лыбіным для чытачоў "Нашай Нівы" на Дзень шахмат (дыягр. 2):
Белыя (сп. Лыбін) рашуча і з грукатам узялі пешку: 1. Cf6! Чорныя, загіпнатызаваныя ўпэўненай гульнёй грасмайстра, ледзь не пайшлі ў яго на повадзе. Вядома, пасьля 1…gf?? пешка "h" бесьперашкодна бегла ў фэрзі. Добра, што ў чорных было трохі часу на роздум: "рознакаляровыя" сланы ўсё-такі далі ім пажаданую нічыю (1…Ce8 2. Cg7 Ch5=).
Выглядае, што эндшпіль – няпростая стадыя шахматнай партыі. Да яго лепш за ўсё рыхтавацца ў дэбюце, калі контуры заканчэньня толькі намячаюцца, а яшчэ лепей… да пачатку новай гульні. Поўная аналёгія з выбарамі: на зыходзе адных варта ўжо думаць пра другія.
ВР
|