|
"Наша Ніва", № 37, 7 кастрычніка 2005 г.
Цікавостка месяца
Раніцай 23 верасьня на менскі Галоўпаштамт завітала нямала шахматыстаў. На прэзэнтацыі першых у краіне марак з шахматным зьместам былі заўважаны экс-чэмпіёны Беларусі Вячаслаў Дыдышка і Андрэй Малюш, трэнэр нацыянальнай зборнай Георгі Бугрым.
Выпуск шахматных марак (агульны наклад – больш за 70 тыс.) упісваецца ў канцэпцыю дзяржаўнай прапаганды беларускага спорту. "Было крыўдна, што на марках асьвятляліся іншыя віды, а шахмат не было", – зазначыў А.Малюш. Загадчыца выдавецкага цэнтру "Марка" паабяцала, што неўзабаве выйдуць і знакі паштовай аплаты, прысьвечаныя шашкам. Адсутнасьць на прэзэнтацыі непасрэднага выканаўцы – Шаміля Хайруліна, аўтара вядомай cярод філятэлістаў "чарнобыльскай сэрыі" – тлумачылася тым, што мастак – не публічны чалавек.
Блёк зь сямі марак наміналам па 500 руб. аздоблены надпісамі на тузіне моваў. Крыху эклектычныя гравюры – сумесь барока і готыкі – выяўляюць абстрактных мужчыну і кабету ў сярэднявечных касцюмах, які перасоўваюць фігуркі. Акурат ілюстрацыі да паэмы "Шахматы" паэта XVI ст. Яна Каханоўскага, аднаго з заснавальнікаў польскай паэзіі (XVI ст.)...
Леў Коласаў, старшыня Саюзу філятэлістаў, задаволены задумкай мастака: "Праца ішла прыкладна год, было шмат варыянтаў, і вырашылі паказаць старажытнасьць".
Зважаючы на кошт, маркі патрапяць у "далёкае замежжа". Магчыма, замежнікам было б цікавей убачыць беларускіх "гросаў"? Л. Коласаў удакладніў, што жывых людзей – калі гэта не каралі і не прэзідэнты – малююць на марках дужа рэдка. "Сярод шахматыстаў выняткамі былі Карпаў, Каспараў, аднак у Беларусі няма такіх вялікіх мэтраў. Іх ня ведаюць у сьвеце".
Філятэлісты прагназуюць, што наклад хутка разыдзецца, хоць рарытэтнымі выкшталцоныя буклеты і ня стануць – "мо гадоў празь пяцьдзясят". Дарэчы, у Беларусі няма людзей, якія зьбіралі б выключна маркі на тэму шахмат. Быў адзін энтузіяст, Анатоль Парнас, аднак ён эміграваў у ЗША. У сьвеце ж шахматнае калекцыянаваньне дужа папулярнае – дзейнічае нават сусьветная асацыяцыя аматараў шахматных артэфактаў. Знаным філятэлістам зьяўляецца чэмпіён сьвету 1975-1985 г. Анатоль Карпаў – кажуць, нават падарыў некалькі рэдкіх асобнікаў Лукашэнку.
Дзяўчына з Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках на прэзэнтацыі выказала спадзяваньне, што зьяўленне марак дапаможа завабіць вучняў у яе цэнтар. Дазволім і мы сабе трохі наіўнасьці: у год Караткевіча сувязістам варта было б адлюстраваць шахматныя паядынкі з "Ладзьдзі Роспачы"…
ВР
|