|
"Наша Ніва", № 38, 14 кастрычніка 2005 г.
У Лунінцы адаптаваліся
У гарадку – пекны вакзал, нябедны музэй і шматколерная незалежная газэта "Інформ-прагулка". Няма ў Лунінцы шахматнага клюбу, дарма што прыхільнікаў Каісы хапала заўсёды – і "за польскім часам", і ў савецкім тумане. Напрыклад, нямала шахматыстаў сярод рабочых мікашэвіцкага "Граніту": яны там ладзяць свае спартакіяды.
Гутарачы зь летапісцам лунінецкіх шахмат Вадзімам Жылком, разумееш, як шмат залежыць ад асобы. Жыў у Мікашэвічах трэнэр Уладзімер Хіргій – і яго выхаванцы Слава Дутчак, Алег Ліцкевіч заваёўвалі мэдалі на абласных спартакіядах. Зьехаў Хіргій на Магілёўшчыну – жыцьцё сьціхла. Цяперашнія трэнэры – "прагматыкі": ігнаруючы культурны падмурак шахмат, "дрэсіруюць" вучняў, убіваючы ў галовы нацэленасьць на вынік. Але вынікаў найчасьцей не відаць і праз лупу.
Уключэньне шахмат у праграму гарадзкіх сьвятаў ды мэмарыялы партызана Кулакевіча, якія штовесну ладзяцца пад эгідай раённага ўпраўлення спорту ў розных кутках рэгіёну – вось і ўсе яркія падзеі.
Калі мала прасторы для практыкі, шахматысты вынаходзяць сродкі для дыстанцыйных зносінаў… Раней хлопцы з гуртка пры цэнтры дзіцячай творчасьці актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах БТ, што ладзіла Кіра Зварыкіна ў праграме "Пра шахматы і шахматыстаў". Адзін з пераможцаў тых конкурсаў – шматразовы чэмпіён раёну Ўладзіслаў Каташук – стаў кампазытарам і вядомым у Берасьці трэнэрам.
Сёй-той у Лунінцы гуляе празь перапіску, аднак перапісачнікаў – жменька. Затое жыве ў горадзе Сяргей Сахвон, які пераклаў на беларускую мову аўстралійскую шахматную праграму, вывесіўшы спасылку на сваім сайце. "Чаму менавіта аўстралійскую? Абсалютна выпадкова. Я паспрабаваў папрактыкавацца у перакладзе чаго-небудзь на беларускую мову" – тлумачыць сп.Сахвон. Гэтым "чым-небудзь" і аказалася "KchessElite" работы Роба Макдонэла.
У 1990-я гады нямала чытачоў прыцягнуў шахаддзел у раённай газэце "Лунінецкія навіны", а зараз В. Жылко ладзіць аж восьмы конкурс рашэньня і складаньня задач у "Інформ-прагулцы". Свае творы ў Лунінец дасылаюць кампазытары з паловы сьвету, ад Берасьця да Магадана: вядома, рашальнікам такая разнастайнасьць даспадобы.
Чым ганарацца лунінецкія аматары шахмат, дык гэта выдавецкімі справамі. З пачатку 1990-х у мястэчку накладам 100 асобнікаў выходзіць адзіны ў краіне бюлетэнь па шахматнай кампазыцыі "Альбино". Тутсама выдаюцца брашуры мясцовых аўтараў на шахматную тэму: "Дзьве музы", "Кропка на шахматнай карце". Як дадатак да "Альбино" сёлета выпушчаны і зборнічак задач Мікалая Наруця, праблеміста з Плешчаніц.
Так, шахматна-шашачны клюб – не самамэта. Як кажа сп. Жылко, "безь яго неяк адаптаваліся". У кастрычніку ён плянуе правесьці чарговы чэмпіянат раёну па шахматах і шашках на базе гуртка "Фэрзь", з дапамогай райвыканкаму.
Дзе загрузіць белмоўную шахматную праграму:
http://luninetsm.at.tut.by/chess.html.
ВД, ВР
|