|
"Наша Ніва", № 1, 6 студзеня 2006 г.
Шахматныя вынікі году
2005 г. для шахматыстаў Беларусі аказаўся ўдалым. Валтузьня вакол Фішэра ды Каспарава, сусьветны посьпех Тапалава паспрыялі ажыўленьню шахматнага жыцьця ў краіне. Інтрыгоўныя чэмпіянаты сярод мужчынаў, жанчын, дзяцей, міжклюбныя баталіі, адроджаны міжнародны оўпэн-турнір у Менску – усе гэтыя падзеі асьвятляліся ў "НН".
Найбольш яскрава сябе праявілі летась гросмайстры Аляксей Фёдараў, Ігар Люцко, Андрэй Кавалёў. Першы вярнуў сабе тытул чэмпіёна краіны ды нядаўна пазмагаўся ў ханты-мансійскім Кубку сьвету, дзе на тай-брэйку прайграў сэкунданту Тапалава, бліскучаму аналітыку Івану Чапарынаву. Другі, пасьля шэрагу параз, здолеў утрымацца ў дзясятцы найлепшых беларускіх шахматыстаў. Трэці перамог у неафіцыйным чэмпіянаце Эўропы ў Пардубіцах.
Радаваў аматараў напорыстай гульнёй віцэ-чэмпіён Беларусі Юры Ціханаў, 32-гадовы гарадзенец Андрэй Сьвятоха стаў бронзавым прызэрам у чэмпіянаце кантыненту сярод інвалідаў.
Сярод прадстаўніц прыгожага полу па-за канкурэнцыяй была міжнародная майстарка 20-гадовая Ганна Шарэвіч. Тройчы чэмпіёнка Беларусі паволі падбіраецца да сусьветнага Алімпу.
Адкрыцьцём году стаў 11-гадовы Давід Хачыкян з Баранавіч. Перапісачнік Зьміцер Лыбін атрымаў ня толькі сярэбраны медаль ІКЧФ, а і ганаровы знак міжнароднага арбітра ФІДЭ, урачыста перададзены яму 13 лістапада ў клюбе "Вясьнянка" з рук легендарнага Давіда Бранштэйна. Віцэ-чэмпіён сьвету 1951-1954 гг. пасяліўся ў Менску, але нячаста зьяўляецца на публіцы – здароўе ня тое.
Цягам году спраўна выдаваўся бюлетэнь для кампазытараў "Альбино", функцыянаваў партал "bychess.info", узьніклі новыя "народныя" сайты: "Шахматы ў Магілёве" (mogilewchess.narod.ru), "Жаночыя шахматы" (femalechess.narod.ru), "Шахматныя навіны Беларусі" (sportby.narod.ru/chess.html). Упершыню ў Беларусі выйшлі паштовыя маркі і кішэнны каляндарык на тэму шахмат.
Здараліся прыкрасьці. У шахматнага клюбу "Стратэг" у Палацы дзяцей і моладзі забралі цэлы кабінэт. На пачатку году студэнтка пэдунівэрсытэту Алена Клімец перадала фэдэрацыі шахмат праект, паводле якога штогод мусілі выбірацца і ўзнагароджвацца найлепшыя трэнэры краіны. Але праект патануў ва ўзгадненьнях, так што галасаваць за прэтэндэнтаў на беларускі шахматны "Оскар" пакуль не выпадае.
ВР
|