|
"Наша Ніва", № 5, 3 лютага 2006 г.
Новыя сьвяты на нашай вуліцы
У шахматы на Віцебшчыне гуляюць з часоў Усяслава Чарадзея. "У шахматах яны [беларусы з Полацку] такія майстры, што ня ведаю, ці зможа які іншы народ зраўняцца зь імі ў гэтай гульні!" – пісаў нямецкі вандроўнік Паўль Одэрборн у канцы XVI ст.
Але абласной шахматнай фэдэрацыі стукнула ўсяго 10 гадоў. Дзеля гэтай даты ў шахматна-шашачным клюбе была зладжана цэлая нізка імпрэзаў. Цікавым выйшаў матч Віцебск vs Віцебшчына, які скончыўся нічыёй: 32:32. Найлепшых вынікаў у сваіх мініматчах дасягнулі ўдзельнікі вышэйшай лігі Беларусі: Віталь Цецераў з Наваполацку і віцьбіч Мікіта Маёраў.
У сярэдзіне студзеня чэмпіён Беларусі, 33-гадовы магілёвец Анатоль Фёдараў, пераканаўча выйграў адкрыты турнір у Дэлі (9 балаў з 10), прычым абыйшоў ажно 18 "гросаў". Яго рэйтынг адпачатку быў самы высокі, але ня толькі рэйтынгам вымяраецца сіла шахматыста. Сп. Фёдараў па-філязофску ставіцца да шахмат, трымае ўдары. Зараз варта чакаць ад тандэму "Аляксандраў-Фёдараў" узьлёту на традыцыйным супэрспаборніцтве "Аэрафлёт-оўпэн", што пройдзе ў лютым.
Надоечы па 70 гадоў споўнілася Анатолю Аліпаву і Ўладзімеру Сычову. Сп. Анатоль – старэйшы трэнэр менскай СДЮШАР-11, які адшукаў і выхаваў Юр'я Ціханава, сп. Уладзімер – найвядомейшы ў краіне складальнік задач і этудаў. Сычоўскія творы неаднакроць траплялі ў "Альбом ФІДЭ", узорнае выданьне для кампазытараў усяго сьвету.
Юбіляраў яднае самастойнасьць поглядаў на спартовае ды каляспартовае жыцьцё, заўсёдная гатовасьць змагацца за справядлівасьць у шахматах. Не зважаючы на век і занятасьць (абодва прафэсыйныя арбітры), часам яны і ў вочных турнірах выступаюць: А. Аліпаў, напрыклад, на 1 студзеня меў паказьнік ЭЛА 2064.
Далучаемся да віншаваньняў на адрас гэтых заслужаных дзеячоў.
ВР
|