|
"Наша Ніва", № 30, 13 жніўня 2004 г.
БЕЛАРУСЫ Ў ПАРДУБІЦЭ
Чэскае мястэчка з 700-гадовай гісторыяй пакрысе ператварылася ў Мэкку аматараў клясычных шахматаў, брыджу, го і іншых гульняў, напрыклад, той, што ў нас завецца "швэдкамі". Фэстывалі тутака арганізуюцца кожнае лета з 1996 г.: рэгулярнасьць, якой нашы шахматысты могуць пазайздросьціць. Сёлетні меў статус чэмпіянату Эўропы сярод аматараў, дарма што побач змагаліся гульцы высокага палёту. Беларусы ў Пардубіцэ - не навічкі. У 2004 г. намесьнікам галоўнага арбітра ў Пардубіцэ працаваў музыка й перапісачнік Зьміцер Лыбін, а за дошку селі такія знакамітыя асобы, як Сяргей Азараў, браты Жыгалкі, Мікіта Маёраў, Андрэй Малюш, трэнэрка Руслана Мачалава… Сваіх выхаванцаў падтрымаў сталічны Палац шахматаў і шашак, які аплаціў вандроўку.
Калі летась удзельнікі турніру пакутавалі ад сьпёкі і гулялі з мокрымі ручнікамі на галовах, сёлета арганізатары скупілі ўсе кандыцыянеры ў акрузе і забясьпечылі належны камфорт.
Згулялі так: Азараў - 4-е прызавое месца ў прэстыжным турніры "А" (7 ачкоў з 9), браты Жыгалкі - па 6 ачкоў, Маёраў - 5,5, Малюш - 5. Не заладзілася гульня толькі ў віцэ-чэмпіёнкі Беларусі Надзеі Паліводы: яна пакінула турнір "у мінусе". Затое спн. Мачалава стала срэбранай прызеркай Еўропы сярод аматарак у бязрэйтынгавай групе.
ВР
|