|
"Наша Ніва", № 31, 20 жніўня 2004 г.
ГУЛЬНЯ ЦІХІХ ІМПЭРЫЯЛІСТАЎ
У Беларусі гульня ў го асацыюецца з кропкамі, якія на перапынках малююць у сшытку школьнікі. Прынцып го - заваёва прасторы, і тут гульня мае больш ваенны характар, чым шахматы. Але наймацнейшыя беларускія гульцы ў го - людзі цывільныя. Іх пакуль нямнога - чалавек 50 у Менску, адзінкі за Менскам. Але ж і даведаліся пра новую гульню ў Беларусі нядаўна, у 1970-я, дзякуючы публікацыям у маскоўскім часопісе "Наука и жизнь".
Пачынаюць у го чорныя. Камяні, падобныя да гузікаў, ставяцца на скрыжаваньні клетак. Ад гульцоў патрабуюцца цярплівасьць, псыхічная раўнавага і пачуцьцё меры.
Го - мастацтва Ўсходу, блізкае значэньнем да ікебаны ды чайных цырымоній. У шахматах дамінуе лёгіка, гульцы ж у го мусяць задзейнічаць інтуіцыю, уключыць абодва паўшар'і мозгу. Кампутарам перабраць усе варыянты ў го не пад сілу, і машыны, як і ў японскіх шахматах сёгі, саступаюць людзям.
У Японіі ў го гуляюць 20 мільёнаў чалавек… Аднак чэмпіёны сьвету жывуць у Паўднёвай Карэі, дзе го вывучаецца ў школах. Карэйцы ўкладаюць вялізныя грошы ў папулярызацыю гульні, ладзяць майстар-клясы па ўсёй Эўропе.
І ў Менску ладзіліся міжнародныя турніры - апошні быў у 1994 г. Пасьля, як сьведчыць кіраўнік незарэгістраванай фэдэрацыі "Го ў Беларусі" Аляксандр Супонеў, стала цяжка знаходзіць грошы нават на нацыянальныя спаборніцтвы. "Пайшоў у міністэрства, а мне ў адказ: "Хіба го - алімпійскі від спорту?". Найчасьцей беларусы выпраўляюцца на спаборніцтвы за кошт гаспадароў. У лістападзе 2004 г. два менчукі ўпершыню паедуць на парны чэмпіянат сьвету ў Японію: пакажуць, на што здольныя выхаванцы "Клюбу інтэлектуальных гульняў Усходу".
ВР
|