|
"Наша Ніва", № 32, 27 жніўня 2004 г.
ГУЛЬНЯ ЦІХІХ ІМПЭРЫЯЛІСТАЎ-2
Некаранаваны чэмпіён краіны па го працуе інжынэрам на паліграфкамбінаце. 50-гадовы Аляксандар Супонеў навучыўся расстаўляць чорныя і белыя камяні ў 1985 г., цяперака мае першы дан, што адпавядае ўзроўню моцнага аматара. Выступаў на двух чэмпіянатах свету - у 2002 і 2004 г. На чэмпіянаце Эўропы займае месца ў другой сотні. Іншыя беларусы адстаюць сама мала на чатыры прыступкі, маючы чацвертае кю. Аднак у апошнія пару гадоў го разьвіваецца бурна, беларусы шмат гуляюць у Інтэрнэце. 8-гадовы Дзіма Здановіч заняў трэцяе месца ў дзіцячым Чэмпіянаце Эўропы (сярод падлеткаў да 12 год).
Вось што расказаў для "НН" А. Супонеў:
- У сярэдзіне 1980-х у Менску ўтварылася група аматараў го, мы зьбіраліся ў Палацы шахмат і шашак. З пачатку 1990-х я кірую незарэгістраванай фэдэрацыяй го Беларусі, якая ў 2001 г. уступіла ў сусьветную. Два разы на тыдзень вяду групы ў БДУ.
Го падабаецца мне багацьцем вобразаў. Шмат якія хады называюцца вельмі паэтычна: "скачок малпы", "любаваньне кветкай лётасу". Як правіла, найпрыгажэйшая расстаноўка камянёў - самай эфэктыўная. Яшчэ цікава, што ў го нічыя - выключны выпадак (бадай, адзін на 10000 гульняў). Увогуле гульня можа скласьці канкурэнцыю шахматам: прызы ў эўрапейскіх го-турнірах пастаянна павялічваюцца.
ВР
|