|
"Наша Ніва", № 35, 24 верасьня 2004 г.
ПРА КАМПАЗЫЦЫЮ І КАМПАЗЫТАРАЎ
Нават у часы, калі шахматы прапагандаваліся "зьверху", а на спаборніцтвы прадаваліся квіткі, гэтую галіну трактавалі як Папялушку. Шахматных кампазытараў вінаваціў у "фармалізьме" сам Міхаіл Бацьвіньнік - першы савецкі чэмпіён сьвету па шахматах. Дык чаго ж чакаць цяпер, у эпоху зацыкленасьці на спартовых выніках… Аўтарам шахматных задач цяжка паставіць задачу накшталт заваёвы 25 мэдалёў. Беларускія творы яшчэ трапляюць у "Альбом ФІДЭ" - найбольш аўтарытэтнае кампазыцыйнае выданьне сьвету, - але ня дзякуючы, а насуперак.
У краіне рэдка знойдзеш газэту, якая не абвяшчала конкурсу рашэньняў задач і эцюдаў. "НН" не выключэньне; праўда, конкурс у дадатку "Інфарматар" ладзіўся даўнавата, гадоў 8 таму... Скласьці простую задачку на мат за 2 хады можа кожны, хто знаёмы з правіламі гульні. Аднак людзей, якія пастаянна і прафэсыйна ствараюць новыя задачы, нямнога - бадай, сотня ва ўсёй Беларусі. Эцюдыстаў на парадак менш: эцюды і складаць, і разьвязваць цяжэй, чым задачы. Творцы й рашальнікі думаюць пра яднаньне, а пакуль гуртуюцца пераважна вакол самвыдавецкага бюлетэню "Альбіна". Бюлетэнь гэты з пачатку 1990-х гг. нястомна памнажае на ксэраксе супрацоўнік Лунінецкага музэю, шахматны трэнэр Вадзім Жылко.
У кампазыцыі, у адрозьненьне ад практычнай гульні, менская прапіска значэньня ня мае. Віктар Волчак, 38-гадовы селянін зь вёскі Касоўшчына Лідзкага раёну, які абыходзіцца бяз хатняга тэлефона, перамог у трох разьдзелах 8-га чэмпіянату Беларусі па складаньні. Разьдзелы ж гэта такія: задачы на мат за 3 хады, шматхадовыя і на зваротны мат. Якасьць твораў ацэньвалі арбітры з Украіны, Славакіі, Расеі і Польшчы, а таксама слынны беларускі кампазытар Мікалай Бельчыкаў, што жыве ў Барысаве. Вынікі падведзены кагадзе і апублікаваны ў спэцвыпуску "Альбіна" (№ 41-42). Нам застаецца далучыцца да віншаваньняў на адрас Віктара Волчака. Ён перавыканаў норму майстра спорту па шахматнай кампазыцыі - званьне для Беларусі нетрывіяльнае.
ВР
|