|
"Наша Ніва", № 38, 15 кастрычніка 2004 г.
РАДЗІМА ШАХМАТНЫХ ЗУБРОЎ
Сутнасьць шахмат - у пэрманэнтным аналізе і выбары працягаў, пры гэтым нішто не замінае гульцам выбраць альбо стварыць іншы варыянт шахмат. Спробы пашырэньня дошкі, увядзеньня нязвыклых правілаў рабіліся і 100 год назад, у тым ліку асобамі рангу Капабланкі. Постмадэрн накладае адбітак на прастору інтэлектуальных гульняў. Ледзь не штогод на рынак укідваюцца розныя прыдумкі для аматараў аўтэнтычнасьці. Пры гэтым, згодна з законамі маркетынгу, новае выдаецца за добра забытае старое.
Вось "рускія шахматы", што маюць дабрадзеяў ва ўрадзе Масквы. Экс-чэмпіён сьвету Анатоль Карпаў таксама наважыўся згуляць колькі паказальных партый у "гульню расейскіх князёў". Гібрыд шахматаў і шашак, квазіпаганскія назвы фігур - "хелга", "грыдзень". Маруднае перасоўваньне шашак-"таўрэляў", што нагрувашчваюцца адна на адну, фармуючы кшталт вежаў. Не іначай як за спінай інаватараў стаіць адзін вядомы архітэктар з грузінскім прозьвішчам…
Ці "палестынскія шахматы" - таксама нешта сярэдняе паміж шахматамі і шашкамі, але досыць просталінейнае: фігура, што бярэ фішку суперніка, гіне ўсьлед за ёй. Думаецца, не далёкі той дзень, калі Ясыр Арафат падзякуе сваім верным расійскім сябрам за гэткі арыгінальны падарунак: шахматны па форме, палітычны па зьмесьце. Дагэтуль тэма "фігур-камікадзэ" разьвівалася хіба што ў шахматнай кампазыцыі, дзе ёсьць адмысловы разьдзел "fairy chess" - "казачныя шахматы". Напрыклад, жырафа рушыць на адну клетку па гарызанталі і чатыры па вэртыкалі альбо наадварот, скача церазь фігуры.
Калі беларуская зборная на 36-й Сусьветнай шахматнай Алімпіядзе ў Гішпаніі раптам выступіць няўдала, трэба чакаць зьяўленьня вэрсіі беларускіх шахматаў з "зубрамі" ды "бабрамі" заміж сланоў і коней. Зубр, дарэчы, ужо існуе ў "казачных шахматах": тамака ён спалучае якасьці каня і жырафы. А мо ўвесьці фігуру "Прэзыдэнт", якая, нібы ў показцы з кнігі С. Калінкінай і П. Шарамета, пойдзе, куды захоча, і возьме, што захоча?
ВР
|