|
"Наша Ніва", № 39, 22 кастрычніка 2004 г.
"ВЯСЬНЯНКА" Ў ДЗЯСЯТЦЫ
Гэта было пад Ізьмірам, у Турцыі. У першых чыслах кастрычніка тры тузіны шахматных клюбаў змагаліся за гонар звацца наймацнейшымі ў Эўропе. Менская "Вясьнянка" у складзе Сяргея Азарава, братоў Жыгалак, Юр'я Ціханава, Андрэя Малюша і Міхаіла Гінзбурга заняла 10-е месца. У параўнаньні зь леташнім клюбным першынством Эўропы - прагрэс у некалькі пазіцый. На жаль, ня выехала ў Турцыю другая па сіле беларуская каманда "Вэктар". Дый на падарожжа вясьнянкаўцаў грошы было знайсці няпроста. Кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі шахмат у роспачы з прычыны абвешчанага сыходу старшыні суполкі, бізнэсоўца Канстанціна Іванова - "хто ж будзе нас фінансаваць?". Трэба аддаць належнае імпэтнаму дзядзьку Ўладзімеру Гінзбургу, адказнаму за работу з клюбамі, - безь яго клопату наўрад ці "Вясьнянка" дабралася б да Турцыі. Цяпер у Ізьміры ведаюць пра піва "Аліварыя", балазе яго жывой рэкламай папрацавалі нашы шахматысты (былі адзеты ў майкі з адпаведным надпісам).
Усе вясьнянкаўцы набралі мінімум 50% ачкоў у сваіх гульнях, а Андрэй Жыгалка стаў бронзавым прызэрам на сваёй дошцы (5 ачкоў з 7). Неўзабаве ён атрымае ад ФІДЭ званьне міжнароднага гросмайстра. Вынік нашай зборнай мог аказацца яшчэ лепшым, калі б да яе далучыліся гульцы накшталт выхаванца кобрынскай шахматнай школы, гросмайстра Аляксея Аляксандрава. Апошні, аднак, выступае ўсё часцей за пэрыфэрыйныя расейскія клубы. У слове "пэрыфэрыйнасць" няма зьнявагі: за каманду Екацерынбургу, напрыклад, поруч з Аляксандравым выступаў сам Гары Каспараў.
* * *
Зь Ліды прыйшла сумная навіна: памёр Андрэй Сяргей. Цягам некалькіх гадоў на яго энтузіязьме трымаліся шахматныя спаборніцтвы ў Шчучыне ды на ўсёй Гарадзеншчыне. Марыў пра адкрыцьцё ў Шчучыне шахматнага клюбу, хадзіў з гэтай ідэяй па "высокіх кабінетах", спрабаваў балятавацца ў мясцовы савет. Калі яго мара зьдзейсніцца, няма сумневу, што шчучынскі клюб будзе насіць імя А. Сяргея.
ВР
|