|
"Наша Ніва", № 40, 29 кастрычніка 2004 г.
ШУРПАТЫЯ "ШАХМАТЫ"
"Шахматы" № 3, 2004
Цягам году ў Менску на беларускай і расейскай мовах выдаецца часопіс "Шахматы". Пачыналася ўсё з парытэту дзвюх моваў. У першых трох нумарах 2004 г. беларускую скарыстоўваюць як тую тэхнічку - для афармленьня выпускных зьвестак… Матэрыялы ж друкуюцца ўсьцяж па-расейску. Апошнім часам гэта тлумачыцца неабходнасьцю распаўсюдзіць наклад часопісу за мяжой, бо ў Беларусі яго нібыта мала хто купляе.
Зьмест няроўны. Цікавыя рэпартажы шахматыстаў з замежных спаборніцтваў - і побач разлогія матэрыялы, спампаваныя з шахматных сайтаў. Што да рэдактарскага стылю, яго лепш чым што перадае выраз "Топалов рвал всех под ноль".
Друкуецца багата вострых партый з камэнтарамі - вылучаюцца опусы чэмпіёнкі Беларусі сярод дзяўчат Алены Клімец, віцебскага гросмайстра Андрэя Кавалёва. Традыцыйнымі засталіся гістарычныя нарысы Абрама Ройзмана ды займальныя рэфлексіі менскага трэнера Рыгора Хаюціна пра "паводзіны" шахматных фігур.
Наклад часопісу (350 асобнікаў, а летась быў жа 700) і шурпатая стылістыка набліжаюць яго да самвыдату. Нават пасаж пра "абавязковага супрацоўніка КДБ - дарэчы, вельмі добрага хлопца з фотаапаратам, дзякуючы якому захавалася мноства здымкаў", які суправаджаў беларускіх шахматыстаў у Польшчы ў 1958 г., успрымаецца з доляй жарту. Затое ў тым самым артыкуле чытач натрапіць на незвычайны эпізод. Аказваецца, кіраўнік шахматнай фэдэрацыі БССР Гаўрыла Верасаў дабіваўся ўдзелу нашай каманды ў Сусьветнай шахматнай алімпіядзе асобна ад савецкай зборнай. Спасылаўся на тое, што Беларусь уваходзіць у ААН, таму - чым яна горшая ў вачох ФІДЭ?
Пасьля зьнікненьня шахматнага дадатку да "Спартыўнай панарамы" і прыпыненьня выхаду незалежных шахмат "Шахматы-плюс" "Шахматы" робяцца асабліва каштоўным для краіны выданьнем.
ВР
|