|
"Наша Ніва", № 43, 19 лістапада 2004 г.2004 г.
АД "СТРАТЭГА" ДА "ПАТРЫЁТА"
Першы беларускі шахматны кампутар зваўся "Стратэг", яго распрацаваў Артур Белавусенка на Менскім заводзе вылічальнай тэхнікі пры канцы 80-х. Важкая скрыня, самавітыя фігуркі, якія належала перастаўляць туды, дзе запаліцца сьвятладыёд… Цяпер з гэтым партнэрам гуляюць пераважна дзеці-пачаткоўцы - узровень 4-га разраду для сёньняшніх аматараў малацікавы. Неўзабаве па зьяўленьні "Стратэга" ў Беларусь сталі паступаць "прасунутыя" шахматныя прадукты з Захаду. Пад канец 90-х пабольшала іх і ў Сеціве.
Людзі з пакаленьня next забаўляюць сябе самі, пішучы праграмкі для гульні ў шахматы. Камусьці ўдаецца пашырыць далягляды й паваяваць з наймацнейшымі - "Фрыцам", "Джуніёрам", "Шродэрам"... Кагадзе завяршылася неафіцыйнае першынство сьвету сярод кампутарных праграм. Гэтая "пятая шахматная вайна" праходзіла па швайцарскай сістэме, у 11 тураў, з падлікам рэйтынгаў - усё як у людзей. Раней беларусы ня бралі ўдзелу ў спаборніцтвах такога рангу. У першай лізе - турніры "B" - праграма Ўладзімера Еліна "Patriot 1.3.0" аказалася чацьвертай сярод палусотні аналягаў. Праўда, у фінале "Патрыёт" заняў сьціплае 38-е месца з 40 (першае - у францускага "Фараону"). Другой беларускай праграме "Wildcat" ужо ў турніры "B" цяжка было процістаяць італьянскім "Лейлам" ды брытанскім "Постмадэрністам" - і яна галянтна прапусціла іх наперад, застаўшыся ў чацьвертай дзясятцы…
Дадамо, што ў віртуальным чэмпіянаце СНД, што адбыўся ўвесну, елінская "Каіса" (папярэднік "Патрыёта") выйшла пераможцам, абагнаўшы сем расейскіх і ўкраінскіх праграм. Праўда, і апошняе месца заняў беларускі прадукт - просьценькі "Мустанг"… "Дзікі кот" работы Ігара Каршунова ўзяў тады бронзу. Каб усіх гэных зьвяроў упрэгчы ў адзін вазок і напусьціць на ганарыстую арабскую "Гідру", якой баяцца бялковыя "гросы"…
ВР
Карысныя адрасы:
"Каіса", "Патрыёт" -
gladiatorshop.com/patriot.htm; "Дзікі кот" - sdchess.narod.ru/wildcat.htm; "Мустанг" - chessmustang.narod.ru
|