|
"Наша Ніва", № 44, 26 лістапада 2004 г.
РОБАТЫ Б'ЮЦЬ ПА САМАЛЮБСТВЕ
Каб існаваў баромэтар шахматнай актыўнасьці, яго стрэлкі ў восеньскія месяцы, напэўна, зашкалілі б. Клюбны чэмпіянат Эўропы, матч за першынство ў сьвеце, сусьветная алімпіяда, чэмпіянат Менску, сэанс, дадзены нястомным Віктарам Купрэйчыкам у Смаргоні... У пачатку кастрычніка пераможца Каспарава Ўладзімер Крамнік захаваў сваю годнасьць, згуляўшы ў Швайцарыі 7:7 з Пэтэрам Лекам. Ня менш інтрыгоўнае спаборніцтва прайшло ў гішпанскім Більбао.
Першы чэмпіянат зямной кулі з адначасовым удзелам чалавечых істот і кампутарных праграм запомніцца ня толькі яго протаганістам. Весялін Тапалаў, Руслан Панамароў і Сяргей Каракін (наймаладзейшы ў сьвеце ўкраінскі гросмайстар - просьба ня блытаць ні з Калякіным, ні з Курохіным!) у чатырох турах змагаліся супраць электронных монстраў зь мянушкамі "Гідра", "Дып Джуніёр" і "Фрыц-8". Вынік для "гросаў" несуцяшальны: 3,5 на 8,5. Машыны перайгравалі людзей ва ўсіх дэбютах. Адно Каракіну ўдалося выйграць партыю ў "Джуніёра".
Прэзідэнт міжнароднай асацыяцыі кампутарных гульняў Дэвід Леві вынікам здаволены: партыі былі нашмат цікавейшымі, чым у Крамніка зь Лекам, якія дазвалялі сабе "гросмайстарскія" нічыі. Паглядзець было на што: асабліва бліскучым падаўся выступ "Гідры" на 16 хуткасных працэсарах, што месьціцца ў Арабскіх Эміратах. У першым жа туры 16-галовае дзіва літаральна раздушыла пазіцыю Панамарова, украінскага экс-чэмпіёна сьвету ФІДЭ… Найхутчэй, пасьля таго як кампутар здолее даць сэанс адначасовай гульні першаму тузіну шахматыстаў сьвету і выйграць з лікам, аналягічным більбаоскаму, ад супольных паядынкаў адмовяцца - сэнсу ў спаборніцтве бегуноў з аўтамабілістамі ні на каліва. Пакуль жа баталіі чалавека з кампутарам вырашана працягваць, не за гарамі другі "зьмяшаны" чэмпіянат.
Вольф Рубінчык
rubinchyk@lycos.com
|