|
"Наша Ніва", № 46, 10 сьнежня 2004 г.
З ЖЫЦЬЦЯ ЧЭМПІЁНАЎ
Мікола Аляўдзін у другі раз выйграў першынство сталіцы, што паўвосені цягнулася ў Палацы шахмат і шашак. Першае пакарэньне вяршыні адбылося пазалетась, і тады чэмпіёну ўручылі сумку. За трэцяе месца ў 2003 г. прызэр атрымаў медаль, здалёк падобны да бронзавага. Цяпер была заваявана дыхтоўная шкатулка з надпісам "чэмпіянат Менску". "Папраўдзе, крыўдна, што не напісана, за якое месца мне яе далі", - ці то жартам, ці ўсур'ёз кажа М. Аляўдзін. У першым туры (з 11) ён прайграў, у другім згуляў унічыю, а потым распачаў файную серыю перамог. Зусім у духу раньняга Бобі Фішэра, які прагнуў змагацца да апошняй пешкі. Нездарма большасьць сёлетніх партый сп. Аляўдзіна вырашалася ў эндшпілі.
24-гадовы чэмпіён - з тых маладых шахматыстаў, якім у Беларусі, акрамя навамоднага спаборніцтва ў Віцебску, асабліва няма дзе практыкавацца. Таму ён почасту выяжджае на адкрытыя турніры ў Польшчу і Ўкраіну. Сёлета на адным зь іх, у Цярнопалі, заняў першае месца, апярэдзіўшы трох міжнародных майстроў, ды выканаў норму адпаведнага балу. Нядаўна яму надалі годнасьць майстра ФІДЭ.
Новасьпечаны майстар любіць сіцыліянскую абарону і ход 1. e2-e4 за белых, добра пачуваецца ў пазыцыйнай гульні. У гэтым, відаць, сказваецца ўплыў яго трэнера Генадзя Лібава. Сам сп. Аляўдзін ужо колькі гадоў вучыць дзяцей гуляць у шахматы ў сваёй alma mater - Менскім палацы дзяцей і моладзі, куды прыйшоў падлеткам. Прынцып яго работы - самастойнасьць выхаванцаў, бо "ніводзін настаўнік ня можа ўсяму навучыць". У вольны ад шахматаў і трэнерства час сп. Аляўдзін займаецца… шахматамі. Спадзяецца стаць гросмайстрам, хоць, паводле яго слоў, каб узяць вышэйшую плянку, найлепш пачынаць з 5-гадовага ўзросту.
Цікава, што і ў чэмпіянаце Менску сярод жанчын першае месца заняла трэнерка - майстарка ФІДЭ Тацяна Бондар, што ў 90-я гады засвойвала шахматную навуку ў Палацы дзяцей і моладзі.
ВР
|